Вучні школы № 7 г. Навагрудка вельмі любяць падарожнічаць і вывучаць гісторыю свайго народа. Таму з непрыхаванай радасцю і энтузіязмам яны вырашылі адправіцца ў экскурсійную паездку ў адзіны ў Беларусі музей-скансен— музей народнай архітэктуры і побыту пад адкрытым небам.
З аповеду экскурсавода школьнікі дазналіся, каму першаму прыйшла ідэя стварыць такі музей, як з розных куткоў краіны прывозілі ў наваколле сталіцы старадаўнія помнікі драўлянай архітэктуры—сялянскія хаты, Пакроўскую царкву 18 стагоддзя, царкоўнапрыходскую школу, вятрак, карчму, прадметы побыту і рамёстваў.
Уразіла вучняў гісторыя пра таленавітага майстра- самародка, які , вандруючы па Італіі, убачыў прыгожую скульптуру ў галоўным саборы ў Рыме, выразаў яе з дрэва па памяці, вярнуўшыся на Радзіму. Гэтая драўляная скульптура Маці Божай захавалася да нашага часу і радуе сваёй прыгажосцю наведвальнікаў музея.
Музей народнай архітэктуры і побыту – сапраўдная аўтэнтычная вёска, у якой надзвычай актыўнае культурнае жыццё. Школьнікі быццам адчулі сябе падарожнікамі ў машыне часу, што перанесліся ў далёкае мінулае.
Але гэта быў толькі цікавы пачатак экскурсійнай паездкі. Далей падарожнікаў гасцінна сустракаў Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа.
Гэта ўтульны дом, дзе на працягу апошніх гадоў свайго жыцця жыў і працаваў славуты пясняр мастацкага слова, класік беларускай літаратуры —Якуб Колас.
Школьнікі на свае вочы змаглі ўбачыць асабістыя рэчы паэта, яго бібліятэку, рабочы кабінет, гасцёўню, сталовую. Асаблівую ўвагу вучняў прыцягнулі шматлікія экзэмпляры твораў аўтара, перакладзеныя на розныя мовы свету. З цікавасцю слухалі вучні аповед экскурсавода пра трагічны лёс сына пісьменніка, які загінуў падчас Вялікай Айчыннай вайны, пра сяброўства Якуба Коласа і Янкі Купалы.
Наведванне музея Якуба Коласа спрыяла бліжэйшаму знаёмству з усебаковай дзейнасцю народнага паэта, беларускай літаратурай і мастацтвам, духоўнаму ўзвышэнню.
А заключным этапам экскурсіі для навагрудскіх школьнікаў стала Нацыянальная бібліятэка Беларусі з аб’ёмам фондаў у 10,5 мільёнаў экзэмпляраў. Сярод буйных навуковых праектаў бібліятэкі міжнароднага ўзроўню – праект па факсімільнаму ўзнаўленню кніжнай спадчыны Ф. Скарыны, Полацкага Евангелля ХІІ-ХІІІ стагоддзяў, Слуцкага Евангелля, першага Буквара 1618 года і іншыя.
Дахаты юнакі і дзяўчаты вярталіся трошкі стомленымі, але задаволенымі, бо атрымалі шмат станоўчых уражанняў і новых ведаў, якія будуць карыснымі для іх не толькі на школьных уроках, але і ў далейшым дарослым жыцці.
Валянціна Віктараўна МАНЮК,
класны кіраўнік 6-га класа «А»,
г. Навагрудак, школа № 7.
http://www.zorika.by/?p=80525